ЗЯЛЁНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя за межамі гарадской лініі, занятая лясамі, лесапаркамі і інш. зялёнымі насаджэннямі. Выконвае ахоўныя і сан.-гігіенічныя функцыі і з’яўляецца месцам адпачынку насельніцтва. Лясы З.з. належаць да лясоў I групы; у іх вылучаюць лесапаркавую частку, дзе дазваляюцца сан. і высечкі догляду, і лесагаспадарчую, дзе дазволены лесааднаўленчыя высечкі. На Беларусі З.з. вылучаюцца паводле пастаноў урада рэспублікі. Першыя створаны ў 1945 вакол гарадоў Асіповічы, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Брэст, Вілейка, Віцебск, Гомель, Гродна, Ліда, Мазыр, Маладзечна і Мінск. Агульная пл. З.з. склала 1,246 млн. га (1994). Самая вял. вакол Мінска (радыусам да 80 км). Каля абл. цэнтраў З.з. радыусам да 30 км, раённых — 10 км. Праекты З.з. распрацоўваюцца БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Літ.:
Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.
Т.П.Вадап’янава.
т. 7, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)